top of page

Ігар Леднік: Беларусі давядзецца абараняць “саюзны” Крым? ААН просяць скасаваць рэгістрацыю “дамовы”


“Нахрана нам такі союз з Расеяй?”. Гэтае рытарычнае пытанне Лукашенка адрасаваў відаць самаму сабе, калі ніякага адказу ад яго беларусы так і не дачакаліся.


Цырымонія падпісання Будапешцкага мемарандума, AP

Дык нахрана? – пытаецца Беларуская праўда ў Ігара Ледніка, які ў аргкамітэце Усебеларускага Кангрэса за незалежнасць, прызначанага на 15 сакавіка, адказвае за міжнародна-прававы накірунак.


– Што значыць для Беларусі “паглыбленая інтэграцыя” з Расеяй праз прызму яе міжнародных абавязацельстваў?


– Гэта руйнаванне разам з расейцамі міжнароднага рэжыму ядзернага нераспаўсюду і еўраатлантычнай сістэмы бяспекі. 27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя “Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь”, якая абвесціла вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу і рэалізацыю Беларуссю сваіх неад’емных правоў як сувэрэннай дзяржавы ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права. Дэкларацыяй тэрыторыя Беларусі была абвешчана бяз’ядзернай зонай. Пазбавіўшыся ядзернай зброі, Беларусь, дзякуючы Украіне, адтрымала гарантыі бяспекі ад ядзерных дзяржаў: Расеі, Вялікабрытаніі і ЗША па Будапешцкім мемарандуме. Так Беларусь з Украінай сталі удзельнікамі міжнароднага рэжыму нераспаўсюджвання ядзернай зброі.


Гарантыі бяспекі па Будапешцкім мемарандуме заснаваныя на прынцыпах Хельсінкскага заключнага акту АБСЕ. Адмовіўшыся ад ядзернай зброі ў абмен на гарантыі бяспекі на прынцыпах АБСЕ, Беларусь з Украінай узмацнілі міжнародны рэжым нераспаўсюджвання ядзернай зброі і еўраатлантычную сістэму бяспекі і ўвязалі іх існаванне з рэалізацыяй нашымі краінамі правоў, уласцівых іх дзяржаўнаму суверэнітэту, і з іх тэрытарыяльнай цэласнасцю.


– Суверэнітэт і незалежнасць Беларусі зараз павязаныя з тэрытарыяльнай цэласнасцю Украіны?


– Так! Калі беларусы адмовяцца ад прынцыпаў АБСЕ і пагодзяцца на “паглыблены саюз” з краінай-агрэсарам, то яны створаць у сусветнай практыцы прэцэдэнт, калі ва ўзброенае супрацьстаянне адно з адным будуць уцягнутыя краіны, якія атрымалі ад ядзерных дзяржаў гарантыі бяспекі па Будапешцкім мемарандуме. Беларусы будуць вымушаныя ў складзе “саюзнага” войску з расейцамі абараняць “саюзны” Крым.


– Што будзе прапаноўвацца на Кангрэсе? Якое выйсце?


– Магу казаць, што я буду прапанаваць. 9 красавіка 2014 года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю №1988 (2014) “Апошнія падзеі ва Украіне: пагрозы для функцыянавання дэмакратычных інстытутаў” з рэкамендацыяй заключаць дадатковыя пагадненні да Будапешцкага мемарандума, якія б гарантавалі незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. 11 чэрвеня 2015 года зацверджана Сумесная Дэкларацыя па лічбавай эканоміцы краінаў ЕС і Усходняга партнёрства з маёй прапановай аб далучэнні краінаў-партнёраў да праграмы eUnion. Гэтую праграму стварылі краіны ЕС, кандыдаты ў ЕС і ўдзельнікі Еўрапейскай зоны свабоднага гандлю (EFTA), якія 18 лістапада 2009 года падпісалі ў шведскім Мальме Еўрапейскую дэкларацыю аб электронным урадзе. Далучэннем Украіны і Беларусі да eUnion будзе выканана рэкамендацыя рэзалюцыі ПАСЕ па дадатковых пагадненях да Будапешцкага мемарандума.


– З Беларуссю за Лукашэнкам ўсё ясна, а што замінае Украіне на працягу пяці год далучыцца да eUnion?


– Вось пра гэта мы і дазнаемся на Кангрэсе! Мы папросім МЗС Украіны зрабіць справаздачу перад Усебеларускім Кангрэсам за незалежнасць – чаму дасюль Кіеў праводзіць у жыццё пракрамлёўскую палітыку безальтэрнатыўнасці “менскіх пагадненняў”, якія заключаныя на шкоду гарантыям бяспекі Украіны па Будапешцкім мемарандуме? З-за іх амаль кожны дзень гінуць людзі. У якім стане зараз знаходзіцца крымінальная справа па “менскіх пагадненнях” у Службе Бяспекі Украіны, узбеджаная па маёй ініцыятыве? Што з адміністратыўнай справай ў судзе, распачатай па майму позаву супраць Адміністрацыі Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, якая праігнаравала прапанову трымацца Будапешцкага мемарандума і далучацца да eUnion? З-за “безальтэрнатыўнага МЕНСКА” мы сёння не можам распачаць рэалізацыю “дарожных карт” (eUkraine + eUnion) і (eBelarus + eUnion) пры падтрымцы краінаў-гарантаў ЗША і Вялікабрытаніі, што спрыяе уцягванню Беларусі ў “паглыбленый саюз”, дзе сёння знаходзіцца ўкраінскі Крым.


– Ці будзе гучаць на Кангрэсе голас украінцаў у падтрымку Будапешцкага мемарандума?


– Вось з гэтым узніклі вялікія праблемы! У Расеі супраць украінцаў, якія бароняць сваю краіну, апелюючы да Будапешцкага мемарандума, узбуджаныя крымінальныя справы за замах на тэрытарыяльную цэласнасць Расеі. Лукашэнка перад Пуціным мае абавязацельствы ў рамках агульнай базы дадзеных па крымінальнаму пераследу. Таму мы будзем прасіць МЗС Украіны, каб быў забяспечаны ўдзел украінцаў у Кангрэсе праз скайп-уключэнне. Мы хочам пачуць на Кангрэсе аўтара ідэі Будапешцкага мемарандума Паўло Жаўнірэнку, першага генпракурора Украіны і яго намесніка Віктара Шышкіна і Міколу Галомшу, старшыню Нацыянальнай Асамблеі Грамадзянскага Сектару Украіны Івана Перухова і іх калег, якія абаранялі Украіну са зброяй у руках.


– То бок, усім удзельнікам Кангрэсу за незалежнасць і супраць “саюзнай дзяржавы”, у складзе якой украінскі Крым, можа паграджаць крымінальны пераслед з боку Расеі за замах на яе тэрытарыяльную цэласнасць?


– Натуральна. Але Беларусь не ўласнасць Лукашэнкі, каб ёю гандляваць. На Беларусь Статутам ААН ускладзеныя абавязацельствы прытрымлівацца міжнароднага права, прычым задоўга да Лукашэнкі. Таму Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) накіравала ў ААН зварот аб скасаванні рэгістрацыі ў Сакратарыяце ААН “саюзнай дамовы” з-за знаходжання ўкраінскага Крыма ў “саюзнай дзяржаве” – абавязацельствы Беларусі перад Украінай і ААН вышэй за абавязацельствы Лукашэнкі перад Пуціным!


-Якіх вынікаў вы чакаеце ад Кангрэса?


– Па-першае,Кангрэс павінен падцвердзіць верхавенства народа ў вызначэнні свайго лёсу, бо ён, і толькі ён ёсць адзіным носбітам северэнітэту Беларусі. Кангрэс заявіць усяму свету аб непрызнанні “саюзнай дзяржавы” з Расеяй згодна з міжнароднай палітыкай непрызнання змененага статусу ўкраінскай АР Крым (па выніках праведзенага 16 сакавіка 2014 года ў Крыме “рэферэндуму”), якая са спасылкай на гарантыі бяспекі Украіны па Будапешцкім мемарандуме зацверджана 20 сакавіка 2014 года Вярхоўнай Радай Украіны Дэкларацыяй “Аб барацьбе за вызваленне Украіны” і 27 сакавіка 2014 года Генасамблеяй ААН рэзалюцыяй “Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны”. І галоўнае – прынятыя на Усебеларускім Кангрэсе за незалежнасць рашэнні павінны стаць падставай для міжнароднай супольнасці ўвядзення санкцыйнай палітыкі супраць Лукашэнкі з Пуціным, якія сваёй “саюзнай дзяржавай” руйнуюць рэжымы ядзернай і еўраатлантычнай бяспекі. Для нас важна пасля Кангрэсу распачаць разам з украінцамі кансультацыі з краінамі-гарантамі па Будапешцкім мемарандуме па аднаўленні гэтых рэжымаў.


– Лукашэнку вы не ўлічваеце, ён жа падпісант ад Беларусі Будапешцкага мемарандума?


– Так, але ўсе добра памятаюць, як ён у лістападзе 1996 года пазбег імпічменту. Расея, парушыўшы Будапешцкі мемарандум, прыйшла яму на дапамогу і навязала падпісанне пагаднення “Аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліке Беларусь” паміж Лукашэнкам і старшынямі Вярхоўнага Савета і Канстытуцыйнага Суда Беларусі. Праз два дні пасля гэтага ён зруйнаваў канстытуцыйны лад краіны сваім рэферэндумам. Расея праз гэтае пагадненне падпарадкавала сваім уласным інтарэсам ажыццяўленне Беларуссю правоў, уласцівых яе дзяржаўнаму суверэнітэту. А правы, уласцівыя дзяржаўнаму суверэнітэту Украіны, Расея падпарадкавала, навязаўшы праз боесутыкненні пад Ілавайскам і Дэбальцавам падпісанне так званых “менскіх пагадненняў”. І ў нашым выпадку, і ва ўкраінскім пагадненні заключаныя на шкоду гарантыям бяспекі Беларусі і Украіны па Будапешцкім мемарандуме. Кангрэс павінен аднавіць ажыццяўленне Беларуссю правоў, уласцівых яе дзяржаўнаму суверэнітэту.


– Як беларусы змогуць паўдзельнічаць у Кангрэсе, ці яго падтрымаць?


– Грамадзяне змогуць прыняць удзел у ім праз грамадска-палітычныя арганізацыі, сябрамі якіх яны з’яўляюцца, ці праз вылучэнне шляхам збору подпісаў на месцах. Бліжэйшым часам аргкамітэт Кангрэсу агучыць умовы. На Кангрэсе будзе абраная Рада Кангрэсу, якая будзе дзейнічаць на сталай аснове. Таму, вельмі важна, каб людзі шлі на Кангрэс з прапановамі, якія грунтуюцца на правах і свабодах грамадзян, на вершавенстве права, на прыярытэце прынцыпаў міжнароднага права. Рада Кангрэсу будзе адказваць за еўраінтэграцыю Беларусі. Таму, тут вельмі важная роля Беларускай Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Будзе “паглыблены саюз” з Расеяй – не будзе Беларусі ў гэтай праграме ЕС. 25 студзеня на канферэнцыі Нацплатформы я прапанаваў ёй уключыцца ў адвакацыйную кампанію па “дарожнай карце” (eBelarus + eUnion), якая разам з украінскай (eUkraine + eUnion) будзе рэалізоўвывацца пры падтрымцы краінаў-гарантаў ЗША і Вялікабрытаніі па Будапешцкім мемарандуме. З гэтага распачнецца План Маршала для нашых краінаў і ўсяго Усходняга партнерства.


Глеб Юрын, Беларуская праўда

0 комментариев
bottom of page